21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы

21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы

Шануйце  родную мову.

Яшчэ ў далёкай старажытнасці людзі здабывалі агонь, прыручалі жывёл, навучыліся апрацоўваць зямлю, вырошчваць ураджай, будаваць масты, вадзіць па вадзе караблі… Буйнейшымі заваёвамі чалавечага розуму ў пазнейшыя часы сталі паравая машына, электрычнасць, радыё, самалёты. А яшчэ пазней вялікім цудам з’явіліся штучныя спадарожнікі Зямлі, касмічныя караблі і выхад чалавека ў космас…


              Але ўсё гэта стала магчымым, бадай, таму, што ў людзей даўным-даўно з’явілася мова. Менавіта яна вывела чалавека ў свет розуму.
Мова… Наша родная мова… Колькі мілагучнасці, таемнасці ў гэтым слове.            Залатыя лісцікі на дрэвах, кожная птушка, кожная кветка і, канешне, чалавек — усе маюць сваю мову. «Самы найвялікшы і бясспрэчны закон жыцця — гэта людская мова, праз якую чалавек стаў вышэй за ўсіх істот пад сонцам», — пісаў знакаміты Янка Купала. Сапраўды, чалавечую мову нельга параўнаць з мовай птушак, жывёл, раслін. Яна з’яўляецца больш прыгожай, мілагучнай, дзякуючы ей людзі размаўляюць, вучацца, дасягаюць сваёй мэты. Роднае слова з’яўляецца адным з самых вялікіх здабыткаў кожнага народа. Яго з пашанай называюць люстэркам культуры і формай яе існавання. Родная мова з’яўляецца формай існавання і захавання народных традыцый, звычаяў, духоўных скарбаў, спосабам і сродкам развіцця нацыянальнай культуры.


              Але нашу родную мову трэба аберагаць, трэба не саромецца яе. Памятаеце, як у далёкія часы пакутавалі людзі, якім трэба было адрачыся ад роднай мовы, ад радзімы. Цяпер мы павінны адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы.
                Мова — гэта душа народа. Нагадаем словы народнага песняра Янкі Купалы: “Гэта душа душы беларуса — мова зраслася з ім, як зрастаецца са сваім коранем дрэва. Падкапайце яго, абсячыце дазвання яго корань — дрэва засохне, перастане жыць”. Купала сцвярджаў, што вырачыся роднага слова — тое ж самае, як вырачыся роднай маці. І ачуняць, глянуць па-арлінаму смела, на думку песняра, мы зможам толькі тады, калі пад кожнай страхой, кожным дахам зойме пачэснае месца наша родная беларуская кніжка.
                На вялікі жаль, мы рэдка задумваемся пра свае карані. А, магчыма, каб задумваліся, былі б болей памятлівымі, болей абачнымі і адказнымі, з большай цеплынёй ставіліся да людзей, што пакінулі нам вялікую спадчыну — нашу мову.


      Ад прадзедаў спакон вякоў
      Мне засталася спадчына;
      Паміж сваіх і чужакоў
      Яна мне ласкай матчынай.
 
      Аб ей мне баюць казкі-сны
      Вясеннія праталіны,
      I лесу шэлест верасны,
      I ў полі дуб апалены…
            Янка Купала


     Мова — гэта тое, без чаго не можа жыць ніводны чалавек.
             Мы павінны абараняць нашу мову, не саромецца яе, паважаць яе самі, а таксама прывіць любоў і павагу да яе нашым дзецям.  “Трапяткая і сіняя, як васілёк, і гарачая, як прамень” — так назваў родную мову наш таленавіты пісьменнік і паэт, непераўзыдзены рамантык Уладзімір Караткевіч. І хочацца верыць, што наша родная мова заўсёды застанецца любiмай, паважанай i ўвогуле, самай лепшай.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.